Вясельны абрад
Як святкавалі вяселле ў вёсцы Чэрнеўка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці мне рассказала жыхарка вёскі Чэрнеўка, Гаўрыліна Тамара Фёдараўна 1930 года нараджэння. «Я хачу паведаміць, як у нас святкуюць вяселле. Шлюбы адбываліся незалежна ад згоды жаніха і нявесты. У сваты адпраўляліся звычайна вечарам. Хросны бацька, дзядзька жаніха і жаніх, прыбраўшыся, з гарэлкай і грашыма яны заходзяць у хату дзяўчыны і гавораць: «Мы купцы, ці няма ў вас тавару. Прыйшлі мы не гуляць, а сватаць дзеўку». Ім адказваюць згодна з сямейнымі абставінамі: адмаўляюцца або згаджаюцца. Сваты пачынаюць перагаворы «весці дзела ў румачцы», адсюль і назва – запоіны.
З моманту сватання для сем`яў жаніха і нявесты пачыналіся пастаянныя клопаты. У хуткім часе сваякі жаніха і нявесты запрашаліся на заручыны. На заручынах нявеста рабіла першыя падарункі сваякам жаніха. А жаніх – нявесце.
Важным абрадам перадвясельнага перыяду, які доўжыўся некалькі тыдняў з`яўлялася развітанне нявесты са сваімі незамужнямі сяброўкамі. Часцей за ўсё ён адбываўся напярэдадні вяселля. Сяброўкі рыхтаваліся: спявалі песні, рыхтавалі вясельны вянок.
Ай конь ты мой вараны,
Ай конь ты мой, конь вараны,
Ці надзеешся на бягу
Ці звязеш маладых на гару.
На тую гару крутую,
Пад тую цэркаўку святую.
Ой стогне дарога,
Ой шуміць дуброва
Едуць баяры - усе пышны
Ой вязуць маладога сярдзечна
Ніхто тых баяр не пазнаў,
Ніхто тых гасцей не пазнаў
К сабе ў хатачку не пазваў.
Адна Танечка пазнала
А сама села вышы ўсіх
Сама села вышы ўсіх,
Скланіла галоўку ніжы ўсіх.
Задумала думу-думачку большы ўсех
Як мне свёкарку назваці
Як мне свёкарку назваці
Назаву свёкарка татачкай, а свякровачку – мамачкай