Генадзь Бураўкін
ПЯШЧОТА
Кажуць,
Пра пяшчоту ўсё напісана.
Можа быць.
Ну і няхай сабе.
...Конік у плячо мне ўткнуўся пысаю
І ля вуха стрымана сапе.
Цёплымі вільготнымі губамі
Цягнецца нясьмела да шчакі.
Падкаваным капытом зграбае
Перасохлай гліны камякі.
Косіць на мяне самотным вокам,
Апускае грыву да зямлі,
Быццам мы ў мінулым недалёкім
Зь ім адну бяду перажылі.
У абдымку мы стаім ля плоту,
Пэўна, адчуваючы адно...
Ну, а вы казалі:
Пра пяшчоту
Выказана ўсё даўным даўно...